9 чэрвеня 2026 года ў галоўным офісе агенства нерухомасці “Твая сталіца” адбылося адкрыццё выставы мастака Рышарда Мая. Выстава прысвечана юбілею мастака – 5 ліпеня 2026г. Рышарду Антонавічу Маю спаўняецца 90 гадоў!
Для мяне было гонарам прысутнічаць на адкрыцці выставы і выказаць словы падзякі Настаўніку ў складзе вучаніц Рышарда Антонавіча разам з Елізаветай Казёнавай. Мы падзяліліся з прысутнымі сваімі гісторыямі знаёмства і навучання ў народнай студыі Рышарда Мая.
На адкрыцці выступіла Ірына Скварцова – кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая займальна распавяла пра гэтага асаблівага мастака і настаўніка, пра яго абстрактнае мастацтва.
Дзякую Мілана Мая – сыну Рышарда Антонавіча, кіраўніцтву агенства нерухомасці “Твая сталіца” і вядома ж мастаку за магчымасць дакрануцца да асаблівага мастацтва.
Выставу можа наведаць любы жадаючы ў галоўным офісе агенства нерухомасці “Твая сталіца” па адрасе г.Мінск, вул. Кірава,8!
Рышарду Антонавічу жадаю здароўя і доўгага творчага жыцця! Ваша вучаніца, Лора Паўлава.